СТАНІСЛА́Ў А́ЎГУСТ ПАНЯТО́ЎСКІ (да каранацыі Станіслаў Антоні; 17.1.1732, в. Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 12.2.1798),

апошні вял. князь ВКЛ і кароль Польшчы [1764—95]. Паходзіў з магнацкага роду Панятоўскіх. Скончыў калегіум тэатынаў у Варшаве. У 1755—64 стольнік ВКЛ. У 1755—56 і 1757—58 сакратар англійскага пасольства і пасол Саксоніі і Рэчы Паспалітай у Пецярбургу. Пасля смерці караля польскага і вял. кн. ВКЛ Аўгуста III (1763) Чартарыйскія і Кацярына II вылучылі кандыдатуру Панятоўскага на трон Рэчы Паспалітай. У Рэч Паспалітую былі ўведзены рас. войскі, і на элекцыйным сойме 6.9.1764 Панятоўскі абраны каралём. Напачатку ён спрабаваў вызваліцца ад поўнай залежнасці ад Расіі, шукаў шляхі саюзу з Аўстрыяй і Францыяй; ва ўнутр. палітыцы выступаў за пагадненне з апазіцыйнай групоўкай Патоцкіх («рэспубліканцамі»), каб адстаяць незалежнасць дзяржавы, але «рэспубліканцы» засталіся непрыхільнымі да караля. Тым не менш праводзіліся рэформы 1764—66 па ўзмацненні дзярж. улады, але былі прыпынены новай інтэрвенцыяй Расіі. Скарыстаўшы Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767, Кацярына II навязала ў лют. 1768 сойму і каралю «вечны трактат», якім Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў. Улада караля апынулася пад кантролем Расіі. Шырокія колы патрыятычна настроенай шляхты выступалі за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай, супраць караля-«узурпатара» і стварылі Барскую канфедэрацыю. На тэр. Рэчы Паспалітай зноў былі ўведзены рас. войскі, і канфедэраты пацярпелі паражэнне. Вынікам гэтага стаў першы падзел Рэчы Паспалітай (1772). Кароль спрабаваў пратэставаць, звяртаўся да еўрап. двароў, але ніводная дзяржава не прыйшла яму на дапамогу. Пасля 1-га падзелу ў барацьбе паміж рознымі магнацкімі групоўкамі ён паступова ўзмацніў сваю ўладу. У 1775 створана Пастаянная Рада, прыняты рашэнні, накіраваныя на развіццё прам-сці і гандлю, паляпшэнне прававога становішча мяшчан, у 1776 абмежавана ўлада гетманаў і каралю падпарадкавана войска. Але правядзенне далейшых рэформ Расія не дазваляла. Давялося пайсці на кампраміс з Кацярынай II і прызнаць над сабой кантроль рас. пасла О.М. фон Штакельберга. Кацярыну II падтрымлівала магнацкая апазіцыя. С.А.П. адкрыў у Варшаве Рыцарскую школу (кадэцкі корпус), садзейнічаў Адукацыйнай камісіі, падтрымліваў асветніцтва і адукацыю. Адносная раўнавага ў паліт. жыцці Рэчы Паспалітай была пахіснута дзеяннямі новай апазіцыі, якая на Чатырохгадовым сойме 1788—92 правяла шматлікія і грунтоўныя рэформы. Кароль пайшоў на пагадненне з рэфарматарамі. У адказ кансерватыўная групоўка магнатаў — Таргавіцкая канфедэрацыя — садзейнічала ў 1792 акупацыі краіны рас. войскамі. Рэформы скасаваны, кароль далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі, і на яго лягла адказнасць як на капітулянта. У час Гродзенскага сейма 1793 С.А.П. дзейнічаў цалкам пад кантролем рас. пасла Я.​Я.​Сіверса і пагадзіўся на другі падзел Рэчы Паспалітай. У час паўстання 1794 пад кіраўніцтвам Т.​Касцюшкі С.А.П. адхілены ад улады, хоць фармальна захаваў трон Пасля паражэння С.А.П. жыў у Гродне. Тут ён даведаўся пра трэці падзел Рэчы Паспалітай і 25.11.1795 падпісаў акт адрачэння ад кароны на карысць Кацярыны II. Гэтым актам афіцыйна спынена існаванне Рэчы Паспалітай і яе часткі — ВКЛ. Пасля смерці Кацярыны II (ліст. 1796) Павел I выклікаў С.А.П. ў Пецярбург, дзе ён памёр. Пахаваны ў касцёле св. Кацярыны, у 1938 яго астанкі перапахаваны на радзіме — у Троіцкім касцёле мяст. Воўчын, у 1987 перавезены ў Польшчу.

А.​П.​Грыцкевіч.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

т. 15, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)